Оберіть трек для відтворення
Ой закуй, закуй, зязюленька, рана
Не кажы мне, што ночанька мала
А я, млода, усю ночку адна не спала
А я, млода, мілога чакала
Па-над маім домам чайкаў сілуэты
Тут нільскія гусі ходзяць як фацэты
Тут пад маім домам пацукі памерам з хундаў
Дынастыю вядуць аж ад самых нібелунгаў
Над тваім домам ветраў зарубы
Пад тваім домам крыніцы ды трубы
Склеп, быццам з фільма, што зняў Балабанаў
З чарговым пакаленнем пост-савецкіх тараканаў
І ў цябе, і у мяне поўны склеп на свае бздуры
Я больш пра хінкалі, ну а ты пра хачапуры
Хай жа нільская гусь табе распавядзе ў снах –
Мае чайкі усё яшчэ лунаюць на тваіх вятрах
Адмаўленне, гандль, дэпрэсія, гнеў –
Я не забыўся на цябе, хоць і час прыняць прыспеў
Не мянеш свой замок, каб падыйшоў майму ключу?
Ты чакай мяне, чакай, толькі я не прылячу
Ой закуй, закуй, зязюленька, рана
Не кажы мне, што ночанька мала
А я, млода, усю ночку адна не спала
А я, млода, мілога чакала
Але, а так чуваць? Як жыццё? Памалу
Мама, уключы адразу камеру з франталу!
Ну здрасце, добры вечар, беларуская мон фрау
Ну як даўно я не званіў? Ну пазаўчора ж набіраў
Так паснедаў дома, ага, трапіў пад дождж
Хоць пытаўся пазаўчора, зноў перапрашу ўсё ж
Як здароўе дзядзі Стася? Як заўжды ў гуморы?
Як рассада? Ды ты што, абыходзяць памідоры?
Фонам за такою вось няважнаю размоваю
Усведамляю што мой дом не там, дзе я спаць лёг учора
Дом не пра сцягі, не пра тую чарку-шкварку
Дом там дзе школьны дзённік з налепкай Лінкін Парку
На шыротах і даўготах ад Шры-ланкі да Канады
Больш не ведаю дакладна, куды ехаць на Каляды
З запасам бульбу церучы на клёцкі да абеду
Ты чакай мяне, мама, толькі я не прыеду
Ой закуй, закуй, зязюленька, рана
Не кажы мне, што ночанька мала
А я, стара, усю ночку ізноў не спала
А я, стара, сыночка чакала
Як ты без мяне там? Ведаю, што нармалёва
Прыйдзе новая вясна, парасткі праб'юцца знову
Як я без цябе тут, мой спрадвечны родны кут?
Так жа пру вазок наперад як аляскін маламут
Мае эндарфіны – пах кропу ды кміны
Мой лірычны герой без фізічнае краіны
Шмат што звязвала з радзімай я аддаў пад востры нож
Не чакай мяне - я не прыеду. Ці усё ж?
Закуй, закуй, зязюленька, рана
Не кажы мне, што ночанька мала
А я, млода, усю ночку зусім не спала
Я ўсю ночку з хлапцамі гуляла